Знайсці ключ да галаваломкі. Інтэрв'ю з Нэлай Васілеўскай

Пакуль многія айчынныя рэжысёры выбіраюць шлях кінашкол ды курсаў, Нэла Васілеўская вучыцца ў Акадэміі мастацтваў. Яе фільмы бралі ўдзел на сёлетнім «Лістападзе», яна станавілася адной з пераможцаў «Bulbamovie», за стужку «Тата» атрымала Гран-пры фестывалю «Милосердие.doc», а зараз здымае кіно ў новым для сабе жанры — меладрама. У стужцы «Тата» рэжысёр рашуча выказалася пра асабістае: падзялілася гісторыяй пра сваіх дзядулю і маці. Наўрад ці здагадаешся, што такую глыбокуюі ўзважаную стужку зняла маладая ўсмешлівая студэнтка.

Інтымныя месцы

«Мой брат», які ўдзельнічаў у сёлетнім нацконкурсе «Лістапада», — фільм і выдуманы, і рэальны адначасова. Тэма дзіцячай рэўнасці зацікавіла рэжысёра. Яна назірала за сабой і ўзгадвала ўражанні: «Я спрабую крыху прэпарыраваць свае асабістыя матывы. Але, зноў жа, у кантэксце гісторыі. Фільм — гэта фантазія. Проста ў галаве з’явіліся героі і пачалі гаварыць адзін з адным».

Распавядаючы пра каханне сябровак і неіснуючых хлопчыкаў, Нэла Васілеўская не забываецца паказаць гледачу і сябе. Рашучы крок — распавесці з экрана пра інтымнае — стаў фільмам «Тата». Гэтая стужка была заданнем рэжысёра ў Акадэміі мастацтваў — трэба было зняць дакументальнае кіно: «Я доўга думала і зразумела, што, за якую б тэму ні ўзялася, адчуваю сябе крыху злодзеем, бо забіраю асабістае жыццё людзей. А што паказваю свайго, інтымнага? Я таксама павінна быць шчырай, таму рашылася зрабіць кіно пра сябе, пра сітуацыю, якая склалася ў маёй сям’і. Хочацца, каб яна стала рэзананснай і для іншых, бо праблема, якая ў стужцы ўздымаецца (праблема догляду за старымі на належным узроўні), стаіць вельмі востра. Думаю, калі б я не рашылася на гэта, то не зняла б дакументалку наогул».

Адна справа — зняць, другая — паказаць. Для рэжысёра гэта было яшчэ цяжэй — падзяліцца асабістым з гледачамі ў кінатэатрах. Але Нэла адзначае, што адносіны з гледачом у яе вельмі цёплыя, прызнанне нашмат больш каштоўнае, чым фестывальныя статуэткі: «Калі пасля паказу да мяне падыходзіць глядач, ён можа нічога такога і не сказаць, але бачна, што стужка яго зачапіла. Вось гэта вельмі важна, гэты кантакт. Узнагароды, канечне, таксама каштоўныя, але ўжо ў сферы заўважнасці — гэта хутчэй для бізнесу, каб заявіць пра сябе».

Нэла Васілеўская ва ўсіх відах кіно адчувае сябе свабодна. Галоўнае — знайсці тэмы і герояў. Наконт жанраў кажа, што ўсё залежыць ад цікавасці: дзе будзе падабацца, там яна і будзе «кайфаваць» ад сваёй працы.

Змаганне за фільм

Існуе стэрэатып, што кіно непасрэдна звязана з прыгожым жыццём. Кшталту чырвоных дарожак і прэмій «Оскар». Нэла лічыць, што калі хтосьці хоча ісці ў кіно дзеля гэтага, то лепш забыцца: «Я сяджу вось тут, на “Беларусьфільме”, каля навагодняй ёлкі, а не іду па чырвонай дарожцы. Насамрэч, фестывальнае жыццё — гэта 2% з таго, з чым сутыкаецца кінематаграфіст. Бясконцы пошук ідэй, грошай. “Прыгожае” жыццё мае месца толькі пасля напружанай, але вельмі насычанай момантамі (якія часам нават лепш за чырвоныя дарожкі) працы». Калі пасля гэтых слоў жаданне быць рэжысёрам яшчэ не знікла, то варта памятаць, што кіно не знімеш без вялікага жадання. Нэла кажа, што гэта банальная, але праўдзівая рэч: многія хочуць, але не многія робяць: «Хтосьці прыгожа сказаў, што “хацець трэба больш, чым баяцца”. Для справы кіно — вельмі трапны выраз. Калі чалавек рашуча настроены зняць кіно, магу яго ўпэўніць, што зрабіць гэта можна і без вялізнага бюджэту.

Наша краіна адкрытая да таго, каб у ёй здымалі. І людзі добразычлівыя, заўсёды адгукаюцца, калі трэба нешта паздымаць».

Як бы там ні было, адна добразычлівасць у здымках не дапаможа — кіно непасрэдна звязана з грашыма. Але дзяўчына не разумее тых, хто скардзіцца на недахоп сродкаў, таму, хто да гэтага не гатовы, наўпрост не трэба ў кіно ісці: «Пошук грошай — натуральны працэс, да гэтага прывыкаеш. Калі сродкаў няма — напішы сцэнарый, які не патрабуе вялікіх выдаткаў, зараз яшчэ ёсць пітчынгі і краўдфандынг.

Акадэмія мастацтваў не вылучае шмат грошай на фільмы, таму свае вучэбныя стужкі мы здымаем за ўласныя сродкі ці спрабуем выйграць тэндары». Да апошняга змагацца за стужку — вось што чакае рэжысёра. А яшчэ словы кшталту «кіно як мастацтва памірае». Да гэтага таксама трэба быць гатовым. Нэла ўзгадвае, што кіно задумвалася як атракцыён, і, дзякуючы галівудскай вытворчасці, гэтай задуме адпавядае: спецэфекты, прыгожыя акцёры і нічога больш: «Я хачу верыць, што кіно не памірае — я ж сюды прыйшла! На фоне гэтай махіны, якая дыктуе нам вяртанне да вытокаў кінематографа, складаецца адчуванне “смерці” кіно. Але прыгожыя працы іншых рэжысёраў даказваюць зваротнае: кіно — гэта мастацтва».

Права на існаванне маюць стужкі розныя — усё ж мэты паходаў у кіно таксама адрозніваюцца. Цяжка сказаць, якая аўдыторыя ўбачыць фільм, хоць рэжысёры і маюць на ўвазе пэўнага гледача. Нэла лічыць, што для кінематаграфіста важна быць шчырым, а не разлічваць на «правільную» аўдыторыю: «Я шукаю свайго гледача — не думаю, што я мэйнстрымны рэжысёр, але прыйшла да высновы, што маё кіно павінна быць зразумелым, а не дэманстраваць раскрыццё падсвядомасці на экране. Да такога кіно глядач урэшце згубіць інтарэс. Кіно павінна быць даходлівым, але пакідаць прастору для думак, чаго многія стужкі зараз, на жаль, не робяць. Мы самі распесцілі гледача — яму не трэба ўсё тлумачыць: глядач насамрэч шмат разумее».

Добраму гледачу — добрае кіно, упэўнена Нэла. Беларускай аўдыторыі неабходныя такія стужкі — добрыя ад задумы да рэалізацыі: «Фільмы пра сучаснага чалавека, бо хапае сацыяльных праблем, якія чакаюць, каб пра іх распавялі. І гэта мусіць быць нешта агульначалавечае, а не толькі беларускае: калі гэта будзе пазнавальна, калі беларус знойдзе ў гэтым сябе — выдатна. Гістарычных тэм, якія просяцца на экран, таксама хапае. Ф. Скарына, Е. Полацкая, У. Чарадзей — каларытныя персанажы, пра якіх можна і трэба здымаць. Кіно павінна выходзіць на агульначалавечы ўзровень».

Тэмы для сваіх стужак рэжысёр шукае паўсюль. Тэма для яе — рэч першарадная. А ідэю новай стужкі падказала сяброўка — закахалася па інтэрнэце: «Для мяне было цікавым папрацаваць у жанры меладрамы, гэта незвычайна. Мая ніша — драма, і я там камфортна сяджу. Але трэба выводзіць сябе з зоны камфорту, правяраць, ці можаш зняць штосьці абсалютна іншае. Калі я адчуваю, што зачапілася за тэму, добра ў ёй разбіраюся, то гэта для мяне быццам дэградацыя — трэба шукаць нешта новае, што ўводзіць у лёгкі ступар, а пасля выводзіць з яго».

Адукацыйнае пытанне

У Акадэміі мастацтваў студэнты здымаюць кіно з першага курса — інакш рэжысёрам і нельга. Як навучыцца рэжысуры ў тэорыі? Нэла кажа, што менавіта на здымках пачынаеш разумець працэс: «У нас не было адладжанага механізму з прадзюсарамі і сцэнарыстамі — з самага пачатку студэнты ўсё робяць самі. І гэта карысна, бо зараз я ведаю ўсе зярняткі, з якіх складаецца фільм».

Дзяўчына адзначае, што асабіста ёй адукацыя была патрэбная. Зараз шмат прадстаўнікоў прафесіі, якія і без профільнай адукацыі ствараюць добрыя кінастужкі: «Магчыма, для чалавека, які вельмі хоча здымаць кіно, адукацыя іграе другасную ролю, але ўласна я хачу мець нейкую ўпэўненасць. Дзесьці на Захадзе я б выбрала іншы шлях — здымачныя пляцоўкі, дзе можна практыкавацца, назіраць за рэжысёрамі, вучыцца ў мэтраў, гэта дакладна дапамагло б больш, чым тэарэтычныя веды».

Пра беларускую кінаадукацыю сказаць можна шмат, айчынная кінашкола выхавала выдатных рэжысёраў, але зараз ёй дакладна патрэбная мадэрнізацыя, адзначае Нэла. І ў тым ліку чалавечая: «Новыя людзі, якія б уздымалі айчынную рэжысёрскую адукацыю на ўзровень еўрапейскай. У нас, безумоўна, ёсць майстры, але сістэматызаванай базы — ад мантажу і да драматургіі — няма. Але ёсць інтэрнэт і магчымасці, якія дазваляюць патрэбную інфармацыю знайсці, пры жаданні нават павучыцца практычна. Калі чалавек хоча, знойдзе веды дзе заўгодна».

Кожны рэжысёр павінен самаадукоўвацца — без гэтага нельга, упэўнена Нэла Васілеўская. Для рэжысёра кожная новая праца — вялізны працэс самаадукацыі. Для свайго новага фільма рэжысёр доўга працавала над кантэкстам: шукала інфармацыю ў інтэрнэце, пыталася ў знаёмых. Але акрамя таго, што кінематаграфіст павінен быць падкаваным у абранай ім тэме, трэба развівацца і прафесійна. Нэла Васілеўская кажа, што кінакурсы — выдатная магчымасць для тых, хто не гатовы аддаць 5 гадоў жыцця ўніверсітэту, але калі сама Нэла паступала ў Акадэмію мастацтваў, кінакурсы такімі папулярнымі не былі: «Курсы не наведвала, таму не магу сказаць пра іх узровень. Там таксама можна паварыцца ў гэтым “кінабулёне” і зразумець: кіно — тваё ці не. Не лічу гэта сур’ёзнай адукацыяй, але штуршком для разумення, куды ісці далей, — дакладна».

Але на гэтым вучоба кінематаграфіста не заканчваецца. Паходы ў кінатэатры, фестывалі, прагляды фільмаў дома… Глядзець кіно і бачыць у ім працу рэжысёра — «прафесіянальная хвароба» Нэлы (ды і, хутчэй за ўсё, рэжысёраў наогул): «Я атрымліваю асалоду ад праглядаў фільмаў, але не магу абысціся без адзнак. Гэта два паралельныя працэсы, якія ідуць поруч: ад думкі “што за дэкарацыя?” да “вау! Як шыкоўна гэта знята!”».

Па стужках Нэлы Васілеўскай няцяжка здагадацца, што ёй падабаюцца фільмы Таркоўскага. На першым курсе ён быў у топе яе любімых рэжысёраў, але зараз у гэтым спісе іншыя — Трыер, Ханеке, Бергман, Кіслёўскі. Дзяўчына кажа, што гэта «яе» рэжысёры, яна заўсёды да іх вяртаецца, пераглядае, чытае іх кнігі і інтэрв’ю: «Для мяне гэта мэтры. Але я вучуся і ў невядомых стужак, рэжысёраў — яны таксама могуць многае даць».

Сярод таго, чаму можна павучыцца ў іншых, — іх «фішкі». Нэла адзначае, што многія лічаць прысвойванне чужых «фішак» данінай павагі рэжысёру. Але ўласна ёй здаецца, што лепшы шлях — натхняцца, каб чужая праца падштурхоўвала на нешта новае, сваё: «Хай ты дзесьці ў глыбіні і прысвоіш сабе нешта, але на экране ўбачаць цябе. Думаю, у кіно трэба шукаць тое, што не раскрыта».

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Ссылка на статью: http://zviazda.by/be/news/20170110/1484053191-znaysci-klyuch-da-galavalomki

 

EN