Дакументальны фільм пра самаахвярнасць дзеля догляду іншага.

Жанчына корміць слабага бацьку, быццам ён дзіця, з чайнай лыжкі, угаворваючы на кожны глыток, а сама плача. Цяжар гэтага клопату лёг на яе не на адзін вечар і не на адны суткі — бацьку яна глядзіць дзень пры дні. Ці гэта сэнс яе жыцця, ці ярмо і ці ёсць між гэтым розніца — да канца не зразумела. Рэжысёр Нэла Васілеўская, студэнтка Акадэміі мастацтваў, зняла дакументальны фільм «Тата» пра дзіўную жанчыну — яна стала цудоўнай гераіняй, якая жыве ў вёсцы ці нават на хутары і даглядае старога бацьку. Адна.

Беларускі глядач ужо мог бачыць карціну: яна ўдзельнічала ў конкурсе Нацыянальных кінашкол Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» і была паказана ў дакументальнай праграме на фестывалі Cіnema Perpetuum Mobіle (яе мог убачыць і небеларускі глядач на некаторых замежных форумах). Паказваліся і іншыя работы аўтаркі: ігравы фільм «Мой брат» — на кінафестывалі «Бульбамуві», зноў на «Лістападзе». Яшчэ адна кароткаметражка Нэлы Васілеўскай «Сябры па перапісцы» была паказана ў Арткінатэатры ў спецыяльнай праграме «Новыя надзеі» праекта «Сваё кіно». Магчыма, дэманстравалася нешта яшчэ, бо фільмаграфія аўтаркі шырэйшая, але за гэта я ўжо не ручаюся. Карацей, рэжысёрка паказвае сябе на вялікім экране яшчэ падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў, а гэта добры старт і прыемны знак. Тым больш што яе работы варта абмяркоўваць.

У прыватнасці, створаную ў рамках вучэбнага курса дакументальную карціну «Тата». «Татачкам» галоўная гераіня — а менавіта жанчына, нягледзячы на назву, з'яўляецца цэнтральным персанажам — называе свайго бацьку. Першае, што трэба адзначыць у дачыненні да фільма, — найцудоўнейшы вынайдзены матэрыял. Жанчына звольнілася з працы, закінула свае заняткі, адмовілася ад рознага кшталту магчымасцяў, каб кожны дзень суправаджаць жыццё слабага бацькі. Брат з сям'ёй наведваецца, дае парады ды знікае. Галоўная гераіня да таты і з любоўю, і пасварыцца часам, а сама стомленая і з адной марай — з'ехаць на востраў з пальмамі і пажыць там некаторы час адной і ў цішыні. Хутар, прыватны дом, антураж унутры хаты, дыялектная мова, непасрэднасць галоўнай гераіні — усё перадае своеасаблівы каларыт беларускага жыцця ў глыбінцы. А тут яшчэ такія драмы.

Відавочна толькі, што гэтыя фактура і тэма патрабуюць быць увасобленымі ў поўным метры: тады фільм мог бы сабе дазволіць стаць больш уважлівым і праніклівым, зайсці ў больш патаемныя ва ўсіх сэнсах месцы і перайсці на вышэйшыя драматычныя ноты. Паўгадзінная стужка прайшлася вельмі жывымі, блізкімі, захапляльнымі кадрамі, але пункцірам; лінейным і вытрыманым, але галопам. Павольным галопам, калі можна ўжыць такі аксюмаран.

Вось з гэтым шкадаваннем аб нявыкарыстанай магчымасці мы задавольваемся тым, што маем. І трэба сказаць, што нават калі фільма хацелася б больш (звычайна кінажурналісты і рознага кшталту каментатары наадварот імкнуцца пачыкаць і скараціць хронаметраж), тут з лішкам хапае інтымнасці — рэжысёр падышла да герояў вельмі блізка, не тое каб незаўважна, але відаць, што камеры тут давяраюць. У выніку паміж аўтарам і героямі ўсталяваліся, здаецца, добрая камунікацыя і абсалютны давер, што падуладна не кожнай здымачнай групе (а здымачную групу тут увасабляе ўласна Нэла Васілеўская — рэжысёр, аператар, мантажор і гэтак далей). «Кухня» і спосабы дасягнення гэтага эфекту нас цікавяць мала, затое цікавіць вынік — глядач можа ўбачыць вельмі кранальныя, прыватныя, шчымлівыя і, нарэшце, шчырыя моманты.

Вядома, у першую чаргу гэта датычыцца стасункаў галоўнай гераіні са сваім бацькам — яна можа злавацца, сварыцца, вымаўляць нецэнзурныя словы і выглядаць не вельмі, так бы мовіць, прывабна (у сэнсе, не так, як мы звычайна «падбіраемся» перад камерай ці назіраючым вокам).

І гэта даступна рэжысёрцы і ўрэшце гледачу, у чым выяўляецца «магія кіно». Што ўжо казаць пра цудоўную, ужо згаданую, сцэну, дзе жанчына корміць бацьку з лыжкі (у пачатку фільма ён мог есці сам) і ціха, спрабуючы стрымаць сябе, плача. Ці то ад таго, што разумее: бацька з кожным днём усё больш слабее, ці то ад таго, што дашчэнту стамілася ад жыцця дзеля другога.

«Тата» становіцца дакументальным фільмам-канстатацыяй, які ў большай ці меншай ступені датычыцца ці будзе датычыцца кожнага. Вось, маўляў, як гэта ўвасабляецца ў жыцці. І мы глядзім, разумеем, што гэта не самы прывабны варыянт, і не знаходзім выйсця. Уласна я не маю адказаў на пытанні, што ўзнікаюць падчас прагляду, а выразна ўсведамляю толькі сваю разгубленасць. Ці сваё жыццё ты пражываеш, калі кожны дзень кіруешся патрэбамі іншага чалавека? У якасці адказу, напэўна, падыдзе нешта з біблейскага, метафарычнага, і гэта можна адшукаць, толькі яно ці дапаможа? Не адказы — дык пакора. Нездарма аўтарка ўварочвае ў фільм візіт святара. Ён прыходзіць — сыходзіць, аддаляецца ў вакне, пакінуўшы сваё «Бог усё дапускае толькі з добрай мэтай».

Рэальнасць жа больш дакладная за дэмагогію — часам яна нават адштурхоўвае, і фільм на бытавыя непрыемнасці толькі намякае, далікатна адлюстроўваючы інтымныя моманты. Знаходзіцца тут месца і для самога бацькі — напрыклад, калі куляшоўскім мантажом звязваюцца выява старога і фотаздымак маладой жанчыны на сцяне, відаць, жонкі. Толькі два планы — шмат-шмат думак.

Але па вялікім рахунку асноўнай увагі тут заслугоўвае галоўная гераіня. Якая цудоўная, фактурная, цікавая як персанаж. І якая моцная, спрытная, хвосткая як чалавек. Здаецца, змясці жанчыну з яе багатым маўленнем у любы сюжэт — будзе фільм. Яна — гарант васьмідзесяці працэнтаў цікавасці да стужкі, яна — сапраўдны персанаж і аснова сюжэту, у тым ліку жыццёвага. Усё закруцілася вакол яе. Галоўная гераіня, якой не пазайздросціш. Пажадаеш толькі здзяйснення мары — з'ехаць на востраў з чатырма пальмамі (бо лесу яна баіцца) і пражыць тыдзень у цішыні.

Фільм «Тата», безумоўна, варты ўвагі — за кошт фактуры, за кошт блізкасці да герояў, за кошт здольнасці паказаць максімум, захоўваючы далікатнасць.

І, вядома, з-за тэмы, якая блізкая ці будзе такой для кожнага з нас. Маладое кіно ізноў паказвае сябе больш грунтоўным. Дакументалістыка ізноў галоўны гулец у беларускім кінематографе.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

 

Ссылка на статью: http://zviazda.by/be/news/20170428/1493397886-dakumentalny-film-pra-samaahvyarnasc-dzelya-doglyadu-inshaga

EN